ТЛУМАЧЭ́ННЕ ЗАКО́НА,
дзейнасць органаў дзяржавы, арганізацый, устаноў, службовых асоб і грамадзян, накіраваная на асэнсаванне і тлумачэнне сэнсу і зместу норм права. Ажыццяўляецца ў працэсе праватворчасці, рэалізацыі юрыд. норм суб’ектамі права, у навук. дзейнасці і выкладанні юрыд. дысцыплін. Мэта Т.з. — дакладнае і аднастайнае выкарыстанне законаў, выдаленне малазразумелых месц і магчымых памылак пры іх рэалізацыі. Т.з. падзяляюць на; тэкставае (аналіз знешняй формы нормы і яе тэксту), сістэматычнае (устанаўленне сувязей і ўзаемазалежнасцей тлумачанай нормы з блізкімі паводле зместу нормамі, вызначэнне месца, якое яна займае ў структуры нарматыўнага акта), гісторыка-палітычнае (даследаванне сац. значэння нормаў, іх мэт, намераў заканадаўцаў, грамадска-паліт. абставін, якія абумовілі выданне нормы). Пры ўзнікненні разыходжанняў паміж зместам нормы і яе вонкавым афармленнем, выкарыстоўваюць пашыранае Т.з., калі сапраўдны змест нормы некалькі шырэйшы, чым яго слоўны выраз, або абмежаванае, калі ён разумеецца вузей, чым гэта прама выказана ў фармулёўцы нормы. Вылучаюць Т.з. афіцыйнае (робіцца спец. ўпаўнаважанымі органамі ў афіц. акце і з’яўляецца абавязковай дырэктывай для выканаўцаў) і неафіцыйнае, або дактрынальнае (у форме рэкамендацый і парад, што даюцца грамадскімі арг-цыямі, навук. ўстановамі, вучонымі і практыкамі). Афіцыйнае Т.з. ў сваю чаргу падзяляецца на нарматыўнае і казуальнае. Нарматыўнае Т.з. абавязковае для ўсіх асоб і органаў і пашыраецца на ўсе выпадкі, прадугледжаныя нормай; казуальнае — афіц. тлумачэнне нормы, якое даецца судовым або інш. кампетэнтным органам у сувязі з разглядам пэўнай справы і абавязкова выключна пры яе разглядзе.
Ю.Я.Савельеў.
т. 15, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)